A R C H E П а ч а т а к № 4 (55) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


4 - 2007

 



гісторыя • крытыка • аналітыка • эсэістыка • літаратура • мова •

 


аналітыка

  Тацяна Чуліцкая

Вокладка «ARCHE» №4
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Тацяна Чуліцкая
Адзіная думка
аналітыка Суздальцава

— Ці заўважылі вы, сэры, якія стаяць пагоды?
— Прадказаныя…
— Менавіта, сэр Ойра‑Ойра! Менавіта прад­казаныя!
— Карысная рэч — радыё, — сказаў Раман.
— Я радыё ня слухаю, — запярэчыў Мэрлін. — Маю свае мэтады.

Браты Стругацкія «Панядзелак пачынаецца ў суботу».

У сярэдзіне сакавіка няблага вядомы ў пэўных колах расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў «выкінуў» чарговую порцыю аналітыкі на тэму нафтагазавага канфлікту паміж Расеяй і Беларусяй. Ужо сама назва артыкула — «Ліст з Масквы: заданьне на вясну 2007»1 — наменьвае на нейкую інтрыгу. Варта заўважыць, што побач з рэгулярнымі камэнтарамі «па тэме» на расейскіх сайтах і пэрыядычнымі публікацыямі ў шэрагу электронных выданьняў, гэта ня першы матэрыял аўтара ў дадзенай праблематыцы2. Відаць, высланы свойчас зь Менску Суздальцаў працягвае аўтарскі курс «лекаваньня родавай траўмы» так і не народжанай саюзнай дзяржавы і пошук «рэцэптаў» проці «хваробаў», што ў яе зьяўляюцца, і паралельна замацоўваецца на пазыцыях галоўнага «лекара» (ці, вяртаючыся ў паліталягічную прастору, экспэрта). Пры гэтым неабвержным козырам палітоляга ёсьць асабісты досьлед «уключанага назіраньня», чым могуць пахваліцца далёка ня ўсе расейскія палітычныя аналітыкі і паліттэхнолягі, што працуюць з праблематыкай постсавецкай прасторы.

Абодва «Лісты…» уяўляюць зь сябе прыклад тыповай для расейскіх палітычных ці экспэртна‑паліталягічных сайтаў аналітыкі публіцыстычнага жанру. Як характэрныя асаблівасьці такога кшталту работ можна назваць: «рознабаковы» разгляд праблемы, апэляцыю максымальна магчымай колькасьцю фактуры, складаньне прагнозаў і прасоўваньне ўласнага «экспэртнага бачаньня» ў якасьці найбольш (а па сутнасьці — адзінага) слушнага. Характэрна, што разважаньні Суздальцава пра расейска‑беларускі канфлікт суправаджаюцца эпізадычнымі крытычнымі рэплікамі на адрас прадстаўнікоў «беларускай палітычнай аналітыкі», якія прытрымліваюцца нейкіх сваіх пазыцыяў і перакананьняў.

ЧАСТКА ІІ. СЛОВЫ І РЭЧЫ

Беручы да ўвагі стан, у якім перабывае «саюзная дзяржава», прынамсі нецікава прадукаваць пра яе аналітыку, а па вялікім рахунку — бессэнсоўна. У Суздальцава прысутнічае дэманізацыя Лукашэнкавых дзеяньняў.На ўзроўні рэальных падзеяў маюць месца фармальныя мерапрыемствы, на зьмястоўным — стагнацыя са спробамі надаць бачнасьць жыцьцяздольнасьці, што назіралася цягам апошніх гадоў. А разбору асабістых узаемадачыненьняў Пуціна‑Лукашэнкі, што вагаюцца ў межах ад фармальна‑нэўтральных да нефармальна‑нэгатыўных, не рабіў бадай толькі гультай. Такім чынам, для работы з «саюзнай праблематыкай» неабходная актуалізацыя тэмы, дзейсным сродкам якой і стаўся нафтагазавы канфлікт. Менавіта гэтая актуальная сама па сабе падзея, якая пульсуе новымі паваротамі, і ёсьць прыдатнай глебай для прадукаваньня экспэртнага меркаваньня для расейскіх палітолягаў, што спэцыялізуюцца на саюзе Расеі‑Беларусі.

Аналіз канфлікту дае адпаведным палітолягам магчымасьць утрымліваць асабістыя пазыцыі ў экспэртнай супольнасьці. Іншым важным момантам для экспэртаў ёсьць магчымасьць падтрымліваць свае пазыцыі ў мэдыйным полі. Тут працуе звычайны для публічнае сфэры мэханізм камунікацыі: кожная новая інфармацыйная нагода прымушае журналістаў зьвяртацца да «гаворачых галоваў», што «засьвяціліся» ў гэтай тэме. Зрэшты, такія стандартныя заканамернасьці дзейныя ў дачыненьні да бальшыні доўгатэрміновых палітычных і эканамічных падзеяў. Навідавоку той факт, што А. Суздальцаў, які падабае спасылацца на шырокавядомыя паліталягічныя законы, зь лёгкасьцю (якой збольшага спрыяе ягоная статусная пазыцыя «экспэрта») выкарыстоўвае гэты мэханізм.

Аднак прадукаваньне тэкстаў — хай нават на каньюнктурныя ці каляканьюнктурныя тэмы — само па сабе ня можа быць асновай для крытыкі. Тым болей што ў «Лістох…» ды іншых працах Суздальцава ўтрымліваецца шэраг паказальных момантаў, якія навочна дэманструюць пазыцыю пэўнае часткі расейскай экспэртнай і палітычнай суполкі ў дачыненьні да Беларусі і Лукашэнкавага рэжыму. Таму варта зьвярнуцца да аналізу прапанаваных ім інтэрпрэтацыяў.

ЧАСТКА ІІ. ПЛЯТФОРМА

Каб зразумець пазыцыю расейскага палітоляга ў сфэры «саюзнае дзяржавы» наагул і нафтагазавага канфлікту ў прыватнасьці, разгледзім набор выкарыстаных у ягонай працы тэзаў. Характэрная асаблівасьць амаль усіх выказаных А. Суздальцавым меркаваньняў — іхная дваістасьць. Узьнікае ўстойлівае ўражаньне, што ён дасканала авалодаў модным «інтэлектуальным фокусам» аналізу аб’екту дасьледаваньня з усіх бакоў, з наступнай дэманстрацыяй у меру неабходнасьці толькі адной зь іх. Што гэта азначае на практыцы?

У разгляданых матэрыялах зь неабходнасьцю прысутнічае пэўнага кшталту дэманізацыя Лукашэнкавых дзеяньняў. Праводзіцца думка пра тое, што беларускі прэзыдэнт дзейнічае выключна з уласнае ініцыятывы, не баючыся ані ўнутрыпалітычнага, ані ўнутрыэканамічнага крызісу і, увогуле, гатовы на ўсё дзеля захаваньня ўлады. Поруч з гэтым сьцьвярджаецца адсутнасьць рэальных магчымасьцяў зрынуць яго з займаных пазыцыяў:

…калі народ і рване на плошчы, дык Лука там пральле мора крыві, але ад улады не адыдзе. Ніколі ён ня здасьць улады. Зрэшты, калі б Расея хацела, яна магла б цалкам спакойна адным махам перавесьці адносіны з РБ на рынкавыя рэйкі. Лукашэнка люта граміў бы Маскву, але адначасова заліў бы Беларусь крывёю. Мне падаецца, што спадзевы апазыцыі на крызіс небясьпечныя — народ штурхацьмуць на кулі. Гапонаўшчына3.

  палітоляг, магістар паліталёгіі. У сфэру яе навуковых інтарэсаў уваходзіць праблематыка палітычнай камунікацыі. Аўтарка часопісу «Палітычная сфера». Аўтарская назва тэксту — «Прадавец дажджу: вясна 2007».

1 Суздальцев, А. Письмо из Москвы: задание на весну‑2007.

2 Гл.: Суздальцев, А. 
Письмо из Москвы: задание на зиму 2006—2007
.

   

Аднак па нейкім часе высьвятляецца, што цьвердалобы Лукашэнка, які ня слухае нічыіх парадаў, аказваецца, цалкам залежыць ад Масквы:

У выніку А. Лукашэнка запачаткаваў працэс руйнаваньня ўласнае ўлады. Ён яшчэ не ўсьвядоміў маштабу ўжо распачатых зьменаў, але ўжо адчуў. Захаваць беларускага прэзыдэнта пры ўладзе зможа толькі Масква4.

Цікава, што калі ў сьнежаньскіх матэрыялах Суздальцава Лукашэнка разглядаўся скарэй з пазыцыяў «вядзеньня сваёй гульні», адмаўляючы нават саму магчымасьць сцэнару, які забясьпечваў рэалізацыю інтарэсаў выключна Масквы, дык ужо ў сакавіку палітоляг трохі разгарнуў магічную калоду сэнсаў… І вось Лукашэнка, які церпіць вялікія страты ў палітычнай вазе і губляе пазыцыі, ня дужа пасьпяхова балянсуе паміж Усходам і Захадам. У Менску трывала заселі эўрапейскія чыноўнікі, якія вядуць перамовы зь беларускай намэнклятурай, а пытаньне канчатковага зьняцьця беларускага прэзыдэнта ёсьць усяго толькі пытаньнем часу ці жаданьня расейскага боку ці Эўразьвязу.

Можа падасца, што супярэчнасьці ў разьмежаваных у часе меркаваньнях аўтара няма зусім. Аднак (сачэце за рукамі) апісваючы Лукашэнкавы пазыцыі ў такім шырокім спэктры (ад незамірэнчай самастойнасьці да змушанага балянсаваньня), Суздальцаў пакідае за сабой поле адпаведнай шырыні для будучых інтэрпрэтацыяў дзеяньняў беларускага прэзыдэнта. Адзіная катэгарычная выключаная магчымасьць — поўнае прыняцьце Лукашэнкам дыктаваных Расеяй правілаў гульні. Аналітычная плятформа Суздальцава грунтуецца на адным сьцьверджаньні: Беларусь у фармаце Лукашэнкавага рэжыму можа існаваць толькі пры падтрымцы з боку Расеі.Выходзіць, што ён можа зьяўляцца практычна ў любой палітычнай іпастасі залежна ад канкрэтнага моманту і жаданьня аўтара. А гучныя цьверджаньні кшталту «ніколі не гуляў і ня будзе», «адчуў маштаб распачатых пераменаў»5 ня маюць сэнсавай нагрузкі, бо ёсьць эфэктнымі практыкаваньнямі ў паліталягічнай рыторыцы.

Па сутнасьці аналітычная плятформа Суздальцава грунтуецца на адным даволі простым і добра вядомым сьцьверджаньні: Беларусь у фармаце Лукашэнкавага рэжыму можа існаваць толькі пры падтрымцы з боку Расеі. Пры гэтым падкрэсьліваецца, што «Захад ня зможа, і ня будзе ўтрымліваць РБ. Беларусь — вялікая краіна. Гэта ня Балтыя»6. Гэтае цьверджаньне, што прымаецца за аксіёму ў расейскім палітычным полі, у розных інтэрпрэтацыях і інварыяцыях прысутнічае ў бальшыні публікацыяў палітоляга.

Характэрна, што, дапускаючы такую ўнівэрсальную ўстаноўку для сябе, Суздальцаў усяляк крытыкуе сваіх калегаў зь беларускага боку. І асноўным аб’ектам нападак тут выступае цьверджаньне пра імкненьне Расеі «падмяць» сувэрэнітэт Беларусі і замацаваць за краінай статус яшчэ аднаго рэгіёну РФ:

Частка беларускай палітычнай аналітыкі традыцыйна мяркуе, што ў створаных умовах А. Лукашэнка можа прапанаваць Расеі беларускі сувэрэнітэт. Альбо Расея патрабуе ад беларускага прэзыдэнта ягоную краіну… Экспэрты зь беларускай апазыцыі ўпарта працягваюць шукаць «імпэрскія доказы», не разумеючы, што нельга другое дзесяцігодзьдзе судзіць чалавека за згвалтаваньне, калі адзіным доказам ёсьць толькі тое, што абвінавачаны ёсьць мужчынам. Аднак усё адно ўсе факты калегамі трактуюцца ў фармаце змоваў і пагрозаў беларускаму сувэрэнітэту. Мусіць, так прасьцей і бясьпечней у сучаснай Беларусі, тым болей, што ўскосна ўзгадняецца з прапагандай самога А. Лукашэнкі7.

  3 Суздальцев, А. Ответы на вопросы молодых экспертов.

4 Суздальцев, А. Письмо из Москвы: задание на весну‑2007.

5 Суздальцев, А. Письмо из Москвы: задание на весну‑2007.

6 Суздальцев, А. Ответы на вопросы молодых экспертов.

   

У пададзенай вышэй цытаце закладзеная і яшчэ адна характэрная для расейскіх (і ня толькі) экспэртаў тэза: у Беларусі апазыцыйны і афіцыйны палітычныя полюсы знаходзяцца ў адзінай зьвязцы і стаўляюць частку адзінае сыстэмы. Дзеяньні абодвух бакоў ёсьць ня больш як імкненьнем закансэрваваць сытуацыю, ствараючы бачнасьць дзейнасьці для таго, каб не дапусьціць праўдзівых зьменаў. Пад гэтую тэзу «падганяецца» шэраг фактаў (напрыклад, ліст Аляксандра Мілінкевіча да Лукашэнкі ў пэрыяд эскаляцыі газавага канфлікту), якія, паводле вэрсіі Суздальцава, дазваляюць дасягнуць вышэйазначаных мэтаў. Праблема з падобнымі цьверджаньнямі ў тым, што, раз яны будаваныя ў агульную аналітычную схему, яны, здаецца, і не супярэчлівыя. Аднак, калі паглядзець закладзенае ў падмурак меркаваньне — імкненьне захаваць існыя палітычныя расклады ў Беларусі — узьнікае пытаньне пра ягоную абгрунтаванасьць, якую наўрад ці магчыма вывесьці з рэальных падзеяў без высокай ступені дапушчэньня.

ЧАСТКА ІІІ. СВОЙ МЭТАД

Нават пры беглым праглядзе тэкстаў Суздальцава робіцца зразумела — аўтар бесьпярэчна верыць у прадказальнасьць і прагназавальнасьць палітычнага жыцьця, у магчымасьць зьвесьці яго да шэрагу зразумелых схемаў з улікам пэўных адхіленьняў і верагоднасьцяў. Даўно вядома, што мастацтва выклікаць дождж запатрабаванае і добра аплачваецца. Галоўнае — у пару слухаць радыё і мець шляхі да адступленьня, калі дажджу раптам ня будзе. Менавіта так і паводзяць сябе палітычныя аналітыкі, якія спэцыялізуюцца на палітычных прагнозах, — вытвараюць максымальна шырокія ў сэнсавым пляне прагнозы, а ў выпадку разьвіцьця падзеяў на іншы манер імкліва разварочваюцца і выдаюць новую інтэрпрэтацыю. Канечне, нельга адмаўляць магчымасьці прагнозу як такога, аднак празьмернае захапленьне дадзеным мэтадам мае высокія шанцы выліцца ў банальную каньюнктуру. Рабіць палітычныя прагнозы выгадна з гледзішча і матэрыяльнага, і сымбалічнага капіталу. Пытаньне толькі ў іхнай праўдзівай каштоўнасьці.

«Лісты…» (поруч з шэрагам іншых матэрыялаў аўтара) ўяўляюць зь сябе прыклад клясычнага прагназаваньня. Проста бяры і ўстаўляй іх у добра вядомую студэнтам‑палітолягам працу Мангайма і Рыча8. Разгляд нафтагазавага канфлікту і сытуацыі вакол яго прапаноўваецца… у трох варыянтах: пазытыўным, нэгатыўным і сярэдзінным. Два зь іх чамусьці названыя «тактычнымі», а адзін «стратэгічным». Першы (тактычны) адносна дадатны і выбудаваны паводле лёгікі «і козы сытыя, і сена цэлае». Сэнс яго зводзіцца да цьверджаньня, што бакі дамовяцца пра болей ці меней узаемавыгаднае рашэньне праблемы, што дазволіць утрымаць саюзныя адносіны на ўзроўні «сярэдняй тэмпэратуры ў больніцы». Другі «тактычны» варыянт болей ускладнены. У ягоных рамках уводзяцца ўсялякія дадатковыя фактары: адсылкі да экспэртных меркаваньняў, шэраг прапановаў адносна далейшага разьвіцьця падзеяў і г. д. Асноўная думка пры гэтым зводзіцца да таго, што беларускі бок спрабуе вярнуць сытуацыю ў «да‑скандальнае» рэчышча з усімі былымі прэфэрэнцыямі. А трэці варыянт паводле свайго духу ўвогуле апакаліптычны. Нафтагазавая вайна (накшталт украінскай), разрыў адносінаў паміж Расеяй і Беларусяй і ператварэньне апошняй у «паўночную Малдову». Прычым менавіта такі варыянт разьвіцьця падзеяў пазыцыянуецца як найбольш верагодны і стратэгічны ў сьнежні, але ўвогуле ня згадваецца, містычным чынам выпараючыся ў сакавіку.

  7 Суздальцев, А. Письмо из Москвы: задание на весну‑2007.

   
Кожны з прагнозаў бездакорны ў сваёй нутраной лёгіцы. Тым болей што яны выбудаваныя паводле добра засвоенай публіцыстамі з сфэры палітаналізу лёгікі: дзейснымі сродкамі зрабіць тэкст пераканаўчым ёсьць адсылкі да меркаваньня экспэртаў, выкарыстаньне як найбольшай колькасьці «канкрэтных» доказаў (статыстыкі, «праўдзівых фактаў» і г.д.)9. Менавіта гэтым і займаецца Суздальцаў:

«Белтрансгаз» паводле некаторых ускосных прыкметаў так і не перайшоў на аплату газу ад ААТ «Газпром» па новай цане 2007 г. і плаціў у студзені—лютым па 50—55 USD за тысячу м. куб., чым фактычна ўжо сфармаваў пэўную пазыку. Ёсьць экспэртнае меркаваньне, што БТГ разьлічвае, што ў чэрвені 2007 г. праблеме дадуць рады праз залічэньне сумы аплаты «Газпромам» 12,5 % акцыяў БТГ.

Прагнозы нафтагазавага экспэрта маюць звычайны «грашок» тэорыі сацыяльнага канструктывізму — «умураваньне» падзеі ў лёгіку нейкае ідэальнае мадэлі, па‑за кантэкстам рэальнасьці. Характэрна, што пры гэтым у якасьці «пацьверджаньня» слушнасьці высноваў аўтар робіць спасылкі… на самога сябе. З пэўнай доляй інтэлектуальнага спрыту Суздальцаў робіць выснову аналізу ўласных мадэляў спасылкай (прабачце за таўталёгію) на свой уласны прагноз:

Зьяўленьне ў лютым 2007 г. у расейскім інтэрнэце нейкага «Народнага руху «Лукашэнка 2008» завяршае прагноз сьнежня 2006 г. — «А. Лукашэнка атрымае дадатковы рэсурс для шантажу расейскага кіраўніцтва падчас другой выбарчай кампаніі ў Расеі — прэзыдэнцкай» 10.

  8 Мангейм, Дж. Б.; Рич, Р. К. Политология. Методы исследования: Пер. с англ. / Предисловие А. К. Соколова. М.: «Весь Мир», 1997.

9 Шампань, Патрик. Делать мнение: новая политическая игра. Гл. 1.

   

Калі‑нікалі прагнозы, якім гэта ўласьціва, проста ня спраўджваюцца. І робіцца цікава, якім чынам Суздальцаў зьбіраецца ў чарговы раз інтэрпрэтаваць рэальнасьць. У найбліжэйшай будучыні можна будзе назіраць, як палітоляг патлумачыць падпісаньне пры канцы сакавіка расейска‑беларускага пагадненьня пра гандлёва‑эканамічную супрацу, магчымасьць якога неаднакроць і катэгарычна адмаўлялася. Рэальнасьць чарговага разу выступіла супраць прагнозу. Аднак гэта зусім ня факт, што яна (рэальнасьць) выйдзе пераможцам у прасторы, якую канструюе гэты палітоляг.

ЧАСТКА IV. ВЫСНОВЫ

Публіцыстычныя жанрам і падобныя зьместам працы Суздальцава ўяўляюць зь сябе характэрны прыклад расейскай аналітыкі адносна Беларусі. Асноўныя ідэі тут зводзяцца да даволі невялікага набору сэнсаў (які трохі пашыраецца, калі зьяўляецца падтэма, як гэта здарылася ў сытуацыі вакол нафтагазавага канфлікту). Па сутнасьці, яны абмяжоўваюцца дэкляраваньнем залежнасьці Лукашэнкавага рэжыму ад Расеі на фоне актыўных спробаў паўплываць на сытуацыю ў краіне з боку Польшчы ды Эўразьвязу11. У якасьці асноўных інтарэсаў Расеі адносна Беларусі называюцца: недалучэньне РБ да НАТО, саюзьніцкія адносіны (неабавязкова ў рамках Саюзнае дзяржавы), гарантаваны і стабільны транзыт (легітымны і па сусьветных расцэнках), доступ да беларускага рынку, удзел на роўных у тэндэрах па будучай прыватызацыі, захаваньне правоў расейскай меншасьці. Расеі патрэбная «пракладка» паміж сабой і натаўскай Польшчай12.

І яшчэ адно цікавае цьверджаньне Суздальцава — сувэрэнітэту Беларусі ніхто не пагражае. Тым самым ён, з аднаго боку, спрабуе нівэляваць тэзісны грунт часткі беларускай палітычная аналітыкі. Зь іншага боку, сваімі канструкцыямі ды прагнозамі замацоўвае вобраз Беларусі як аднаго з шматлікіх аб’ектаў інтарэсу Расеі, які мала яе цікавіць сам па сабе, але сур’ёзна хвалюе з пазыцыяў прадказальнасьці ўмоваў вядзеньня бізнэсу.

Збольшага цэнтральны для працаў Суздальцава вобраз Лукашэнкі таксама паўстае ў розных пэрспэктывах — ад поўнага палітычнага самадура да ня вельмі пасьпяховага эквілібрыста, які спрабуе прайсьці па тонкай разьдзяляльнай паласе паміж Расеяй і Захадам. Разам з самой фігурай хістаюцца і прагнозы адносна ягонай палітычнай будучыні. Варта зьвярнуць увагу на яшчэ адну пацешную дэталь. У сваіх тэкстах расейскі палітоляг часьцяком зьвяртаецца да беларускага прэзыдэнта з выказваньнямі кшталту «як папярэджвалі Лукашэнку, у тым ліку і аўтар гэтага артыкула». Не зусім зразумела, што гэта? Хіба яшчэ адно практыкаваньне ў публіцыстыцы ці спроба падкрэсьліць асабістую значнасьць праз дэманстрацыю таго, што афіцыйны Менск з прагнасьцю «ўчытваецца» ў прагнозы Суздальцава?

Асноўная цяжкасьць з прагнозна‑аналітычнымі тэкстамі палітоляга ў іхнай усёабдымнасьці. Зададзеныя ім самім рамкі настолькі шырокія, што дазваляюць «умураваць» у іх практычна любую падзею. Фактычны ж бок справы часьцяком не супадае з гэтымі канструкцыямі. У выніку першы прагноз перацякае (ці пакрысе дапаўняецца) другім, а нават і трэцім. Паміж тым, у чытача ўва многіх выпадках робіцца ілюзія, што «спрагназаваны» сцэнар бездакорны, асабліва пасьля камэнтароў самога палітоляга пра тое, што ўвайшло ў яго і як павярнуліся падзеі. Уменьне інтэрпрэтацыі з пазыцыяў уласнай экспэртнай правільнасьці, безумоўна, дапаможа Суздальцаву і надалей узнаўляць тыя самыя сэнсы пад закрасай актуальных падзеяў. Практычная ж каштоўнасьць ці дасьледніцкая навізна такіх тэкстаў застаецца пад пытаньнем.

P.S. ВОРАГА ТРЭБА ВЕДАЦЬ У ТВАР

Зазвычай у лістох бываюць пастскрыптумы. У якасьці такой невялікай рэмаркі да напісаных у выглядзе «Лістоў…» артыкулаў Суздальцава можна прывесьці выказваньні з адказам на частку галоўнага пытаньня, што трывожыць розумы расейскага народу: «Хто вінаваты?». А вінаваты, канечне  ж… усюдыісны «вораг» Расеі Барыс Беразоўскі.

Мы былі б не да канца шчырыя, калі б ня ўлічвалі яшчэ аднаго сцэнару — замежнапалітычнага. У прыпадку крызісу Расеі з Захадам, які, па‑мойму, рыхтуе цяпер Лёндан рукамі ды мазгамі Б. Беразоўскага, А. Лукашэнка можа зноў быць запатрабаваны Крамлём13.

  10 Суздальцев, А. Письмо из Москвы: задание на весну‑2007.

11 Польшча разглядаецца як выключна самастойны актор, які мае адносна Беларусі інтарэсы, што цалкам супастаўляльныя паводле сваіх маштабаў з інтарэсамі Расеі. Такім чынам, традыцыйная непрыязнасьць расейскіх палітолягаў да Польшчы «ўпісваецца» у аналіз Беларусі.

12 Суздальцев, А. Ответы на вопросы молодых экспертов.

   

Даволі зручна, што гэтак званы «замежнапалітычны сцэнар» добра ўпісваецца ў парадыгму мадэляваньня. Прагноз пра ўмяшаньне галоўнага міталягізаванага «ворага» расейскае палітыкі ў беларускія справы ўнівэрсальны. З аднаго боку, вытлумачыць яго фармальна не выпадае. Зь іншага (як і якая‑кольвек тэорыя змовы) — бездакорны і нутрана самадастатковы. І апроч таго, удала ўпісваецца ў агульную карціну сьвету тых, хто верыць у асаблівую місію Расеі ды дакладна ведае, хто замінае ейнай рэалізацыі.

  13 Суздальцев, А. Письмо из Москвы: задание на зиму 2006—2007.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 4 (55) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/06/24